Паважаны Дзмітрый Паўлавіч, амаль усё сваё працоўнае жыццё вы прысвяцілі педагагічнай справе, выхаванню падрастаючага пакалення. І сёння вы займаеце актыўную грамадзянскую пазіцыю. Дазвольце павіншаваць вас з юбілейным днём нараджэння, пажадаць трывалага здароўя, аптымізму, бадзёрасці духу і сямейнага дабрабыту! — з такімі словамі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі звярнуўся да ветэрана педагагічнай працы Дзмітрыя Паўлавіча Матошкі.
Юрый Анатольевіч у прысутнасці старшыні раённага савета ветэранаў Ірыны Генадзьеўны Міхалёнак, начальніка арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама Валянціны Вільгельмаўны Клімза і старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алесі Уладзіміраўны Грыдзюшка ўручыў імянінніку Падзяку старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу на ніве адукацыі.
— Я не адразу выбраў прафесію настаўніка, — падзяліўся з намі ўспамінамі Дзмітрый Паўлавіч. — Нарадзіўся ў вёсцы Жоўніца, пасля службы ў арміі пэўны час быў заняты ў калгасе, потым працаваў на ўзвядзенні горада Наваполацка — будучага флагмана беларускай нафтавай індустрыі. Пасля смерці бацькі вярнуўся на малую радзіму, каб быць побач з маці і дапамагаць ёй. Працаўладкаваўся ў мясцовы клуб-бібліятэку, часта наведваў школу, дапамагаў педагогам у арганізацыі мерапрыемстваў. Я нядрэнна граў на баяне, а мая будучая жонка Валянціна Аляксандраўна выдатна танцавала. Наш творчы дуэт у 1965 годзе ператварыўся ў сямейны. Дарэчы, мая спадарожніца жыцця і паспрыяла таму, што я паступіў на завочнае аддзяленне Магілёўскага педінстытута, а ў 1969 годзе пачаў выкладаць гісторыю ў Васюкоўскай школе.
Па загадзе кіраўніка раённага аддзела адукацыі Пятра Радзькова ў 1975 годзе Дзмітрый Матошка ўзначаліў гэту ўстанову адукацыі, дзе і адпрацаваў дырэктарам да выхаду на заслужаны адпачынак. Пры Дзмітрыю Паўлавічу са значнай дапамогай мясцовага калгаса “Шлях Леніна”, якім кіраваў Сцяпан Іосіфавіч Пармон, была пабудавана новая школа.
Васюкоўская васьмігодка, дзе настаўнічалі Дзмітрый Паўлавіч разам з жонкай Валянцінай Аляксандраўнай, стала месцам працы і для іх старэйшай дачкі Марыі. Яна вывучылася на настаўніка нямецкай мовы, а пазней пераняла эстафету ад свайго бацькі і на працягу дванаццаці гадоў узначальвала калектыў Васюкоўскай базавай школы да закрыцця ўстановы адукацыі ў 2011 годзе.
Яшчэ адным прадаўжальнікам прафесійнага шляху сваіх бацькоў з’яўляецца малодшая дачка Вольга, якая пражывае і працуе ў Віцебску.
Дзмітрый Паўлавіч заслужыў павагу калег, бацькоў вучняў, таму што ўвесь яго прафесійны шлях — гэта ўзор служэння высакароднай справе навучання і выхавання дзяцей.

раскрыть » / « свернуть